Размешчаны на У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (8.7.1931 быў скасаваны, 12.5.1935 адноўлены, 17.4.1962 зноў скасаваны, 30.7.1966 адноўлены). Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 15,4 тыс.чал. (2003), гарадскога 46,8%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Хоцімск. Раён уключае 82 сельскія нас. пункты, 9 сельсаветаў: Батаеўскі, Баханскі, Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Велікаліпаўскі, Забялышынскі, Трасцінскі, Чарняўскі, Янаўскі.
Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінная, у паўн.-зах.ч. з покрывам з лёсападобных суглінкаў і супескаў, дзе вылучаюцца ўзгорыста-западзінныя формы рэльефу; 95% яе на выш. 160—180 м. Найвыш. пункт 195 м (на Пн раёна, за 2 км на З ад в. Буда). Агульны нахіл паверхні з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, сапрапель, трэпел, буд. пяскі, цагельныя суглінкі і гліны; праяўленні даламіту, мелу, фасфарытаў, шкловых пяскоў і інш. Сярэдняя т-растудз. -8 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб.р. Беседзь з прытокамі Еленка, Альшоўка, Жадунь. Воз. Святое. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,2%) і інш. Пад лесам 31% плошчы.
Найб. лясныя масівы на ПдУ. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя, дубовыя, чорнаальховыя. трапляюцца ясянёвыя, кляновыя лясы. Штучныя насаджэнні (каля 27%) пераважна хваёвыя. Пад балотамі 4,6% тэр. У раёне заказнікі мясц. значэння: біялагічныя — урочышча Ерашоўшчына ў Забялышынскім лясніцтве, урочышча Барок у Хоцімскім лясніцтве, флоры і фауны ў Батаеўскім лясніцтве; гідралагічны — Лобня; воднарэжымны — Расчыстка (ахова тарфяніку). Помнікі прыроды мясц. значэння: батанічныя — бярозавы гай «Іваноўка» каля в. Іваноўка, бярэзнік каля в. Баханы, хвойнік і дуб чарэшчаты ў Хоцімскім лясніцтве, парк «Янаполле», дубы чарэшчатыя ва ўрочышчы Казлоўшчына каля в. Дубраўка, дуб чарэшчаты і лістоўніца каля в. Альшоў 1-ы; гідралагічныя — воз. Святое ў Хоцімскім лясніцтве, «Святая крыніца» ў Батаеўскім лясніцтве; біялагічны — урочышча Зайцавы Вугал (месца знаходжання сям’і мядзведзяў).
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 49,3 тыс.га, з іх асушаных 11,5 тыс.га. На 10.6.2003 у раёне 2 унітарныя калектыўныя с.-г. прадпрыемствы, 10 с.-г.вытв. кааператываў, 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, лён. Прадпрыемствы прам-сці: буд. матэрыялаў, харч. (малочныя вырабы, віно), кааператыўнай (хлеба-булачныя вырабы, безалкагольныя напіткі, каўбасы і інш.), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно); камбінат быт. абслугоўвання (швейныя вырабы). Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Чэрыкаў—Краснаполле—Хоцімск, Родня—Хоцімск. У раёне 10 сярэдніх, у т. л. 2 школы-сады, 6 пачатковых школ, школа-інтэрнат для дзяцей-сірот (базавая), 14 дашкольных устаноў, у т. л. 2 комплексы школа-сад, 15 дамоў культуры, 11 клубаў, 23 б-кі, аўтаклуб, 2 бальніцы, 1 паліклініка, 2 амбулаторыі, 16 фельч.-ак. пунктаў. Хоцімскі гісторыка-краязнаўчы музей. Выдаецца газ. «Шлях Кастрычніка».
Літ.:
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл.Мн., 1986.